У 2001 годзе ўсё перамянілася. Бацькі купілі наш першы камп’ютар. Без інтэрнэту, толькі дыскеты, WinAmp і Paint. Хлопец, які мне тады падабаўся, дапамог усталяваць Windows XP, разам з якім з’явіліся Microsoft Word, PowerPoint і цэлы сусвет магчымасцей. Той жа хлопец спытаў, ці ўмею я “пісаць код”. Не ўмела і нават не ўяўляла, што гэта значыць, але навучылася. Толькі не зусім праграмаванню, але HTML, CSS, JavaScript я засвоіла. Мой першы сайт з’явіўся амаль 20 гадоў таму.
Пераход ад гуманітарнай сферы да тэхналогій быў няпростым. Я не паступіла на спецыяльнасць “Інфарматыка” ў БДУІР, але мяне прынялі на "Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі". Я ўсё яшчэ не любіла матэматыку, але працягвала змагацца. У 2009 годзе атрымала працу кантэнт-менеджаркі ў невялікай SEO-кампаніі, гэта быў мой сапраўдны старт у IT. Там я навучылася працаваць з CMS, прафесійнай вёрсткай сайтаў і крыху PHP. Але ўжо ў 2011 годзе пачаўся новы этап мойго жыцця.
У EPAM Systems я ўладкавалася фронтэнд-інжынеркай. Гэтая праца змяніла мяне. Я працавала над сайтамі для стартапаў, турыстычнымі парталамі, запускала брэнды люкс-класу і медыйныя платформы. Настаўнічала для малодшых распрацоўшчыкаў, удзельнічала ў ацэнцы кандыдатаў на павышэнне, ездзіла ў камандзіроўкі: у Сан-Францыска (які я палюбіла) і Нью-Ёрк (які мне не вельмі спадабаўся).
У 2014 годзе я пераехала ў Каліфорнію ў Сан-Францыска і працавала кантрактаркай у Google і Goldman Sachs. Стала кіраўніцай камітэта па ацэнцы ведаў па JavaScript у Паўночнай Амерыцы ў EPAM. Але пасля 7 гадоў у кампаніі прыйшоў час рухацца далей.
У 2018 годзе я далучылася да Evernote. Гэтая кампанія сталася маім прафесійным домам: цудоўныя калегі, рэальны ўплыў, магчымасць зменаў. Я перайшла ад распрацоўкі прыкладанняў у рэліз-менеджмент, бо хацела бачыць поўную карціну - не толькі ствараць функцыі, але і якасна іх выпускаць. Гэтая роля паказала мне, што такое сапраўдны поспех прадукту: супрацоўніцтва і адказнасць за вынік. І мне гэта вельмі спадабалася.